Home

Advertisement

Customize
Марына
24 November 2009 @ 12:17 pm
Некалькі дзён мэдытую над тэкстам:

Следует мужу
в меру быть умным,
не мудрствуя много;
лучше живется
тем людям, чьи знанья
не слишком обширны.

Следует мужу
в меру быть умным,
не мудрствуя много;
ибо редка
радость в сердцах,
если разум велик.

Следует мужу
в меру быть умным,
не мудрствуя много;
тот, кто удел свой
не знает вперед,
всего беззаботней.

Некалькі дзён шукаю адказу – узьдзеяньне альбо тыпалёгія?

Кажуць, старажытнейшы кавалак “Старэйшай Эды”. Кажуць, аніякіх узьдзеяньняў хрысьціянства і біблейскай традыцыі. Але ж, усяго толькі XIII стагодзьдзе (ну, то бок запіс XIII стагодзьдзя). А “пры многасьці мудрасьці множыцца й скруха; і хто памнажае спазнаньне, той памнажае і боль”, - прабачце, як мінімум IV да новай эры.

Дык ўзьдзеяньне альбо тыпалёгія, то бок проста настолькі агульныя месцы чалавечага сьветаўспрыманьня, што ня трэба задумвацца, хто, дзе і калі гэта сказаў? І калі так, то чаму мы, як дзеткі падчас крызісу трох год (актуальная тэма, ага), заўсёды робім усё насуперак парадам, хаця ў розных кутках зямлі разумныя людзі кажуць адно і тое ж?:)

*
 
 
Марына
20 November 2009 @ 08:19 pm
***  
Алена Адрэеўна, прагледзеўшы чарговую сэрыю мульціка пра ката Леапольда, бегае па кватэры і напявае:

...Если в сад высоко, ярко солнце светит,
Для щенков хорошо жить на белом свете...


(Для тых, хто падзабыў арыгінал: "В небесах высоко, ярко солнце светит/До чего ж хорошо жить на белом свете")

*
 
 
Марына
18 November 2009 @ 08:14 pm
***
Недзе паўгады таму Аленка грызла цукерку. Раптам адчайны крык: - Зуб балі-іць!!! Бягу: - Дзе?! Паказвае прыкушаную губу. З таго часу на крык “Зуб баліць!” (прыкусваліся язык, вусны, шчака знутры ) я рэагую спакойна. Зубы пакуль, ттт, цэлыя:)

***
Сёньня давяла да ручкі чарговым непаслушэнствам.
- Усё, - кажу, - я на цябе пакрыўдзілася.
Кідаецца на канапу і стогне: - Вой, у мяне сэрца баліць!
- А чаго яно ў цябе баліць? –цікаўлюся.
- Ад таго, што ты плачаш.
- А дзе яно ў цябе баліць?
– Тут! – паказвае на шчочку.

*
 
 
Марына
... а яшчэ да сваёй лені і нецікаўнасьці:(

“Правек” Вольгі Такарчук, зь якім я павольна корпаюся ў вольны ад працы і ад мелкай час і, магчыма, нават хутка даперакладаю, усё падкідае розныя сюрпрызы. У асноўным, гэта гаворачыя імёны.

Калі мне недзе ў пачатку трапіўся Topielec Pluszcz, я, знаеця, нават не згадала, што “плюшч” па-польску зусім ня pluszcz. Калісьці я нават гэта ведала, калі гадоў дзесяць таму ва Ўроцлаве сваёй ня вельмі яшчэ польскай мовай абмяркоўвала зь мясцовым ксяндзом расьліну, якая абвіла сьцену ня-помню-якога-касьцёлу. Тады я даведалася пра слова bluszcz.

Але тут, нават не задумваючыся, я напісала “Тапелец Плюшч”. А пасьля яшчэ знайшла ў тэксьце падцьверджаньне (о, гэтая перакладчыцкая надінтэрпрэтацыя!) – тапелец зрабіўся чымсьці накшталт вадзяніка, уладара імглы і туману, стужкі якога (як ліяны плюшча! – падказала мне фантазія) маглі за хвіліну аплесьці навакольле.

Нядаўна вырашыла зрабіць даклад. Загкатэдрай за дзень да канфэрэнцыі дала добрага высьпятка за тое, што я ўжо тры гады нідзе ня выступаю. Я раззлавалася. А паколькі даўно не раскрывала Ейтса і ўвогуле з галавою ў “Правеку” – вырашыла за ноч зьляпіць што-небудзь пра час і прастору ў рамане. Зазірнула ў інтэрнэт з мэтай даведацца, што думаюць пра Такарчук у расейскамоўным асяродку. Ня надта шмат, скажу я вам, але… У адной анатацыі да расейскага перакладу, які я яшчэ ня бачыла, заўважыла згадку пра Водяного Оляпку. І толькі тут, лянівая і нецікаўная, палезла ў слоўнік за словам pluszcz. І што знаходжу ?

Pluszcz zwyczajny, (Cinclus cinclus) – mały ptak z rodziny pluszczy (Cinclidae)

Вось такі таварыш
18.65 КБ

І найістотнейшае. Biotop : Bystre górskie strumienie i rzeki. W zimie pozostaje tam, gdzie potoki nie zamarzają. Czatuje na zdobycz stojąc na kamieniach leżących w wodzie. Nurkuje w zimnej wodzie potoku często na metr głębokości. W płytszych i niezbyt bystrych potokach zbiera pożywienie biegając po dnie. (Iнфармацыя з польскай Вікіпэдыі).

Ну і, карыстаючыся момантам, задам два пытаньні.

Пытаньне першае. Можа, у сьвеце існуе кніжка, падобная да “Расьліннага сьвету”, толькі пра птушак? Як па-беларуску называется гэтая птушка -Pluszcz zwyczajny, ён жа Cinclus cinclus, ён жа Оляпка, ён жа вадзяны верабей альбо вадзяны дрозд?

Пытаньне другое. Можа, хто ведае беларускіх вадзяных нячысьцікаў, якія вядуць сваё паходжаньне ад тапельцаў? Калі такіх няма, то я не пайду за расейскім перакладам, называючы яго Вадзяніком, а пакіну Тапельца. А калі раптам ёсьць?

*
 
 
Марына
09 November 2009 @ 01:24 am
***  
Паглядзелі фільм "Вяртаньне мушкецёраў". Вырашылі, што гэта "Д'Артаньян і тры мушкецёры" ў гоблінскім перакладзе. Але канчаткова зацаніць канцэпцыю - віна не хапіла. "Искусство по-прежнему требует жертв в большом долгу"(c)
 
 
Марына
06 November 2009 @ 05:38 pm
Я так разумею, у нашыя грыпозныя часы высокія стасункі сучасных французскіх літаратараў нікога не цікавяць:) Тады будзем адпавядаць часу.

***
Хадзіла ў паліклініку. Зусім не па грыпозных справах. Але ўразілі:

- поўная адсутнасьць чэргаў каля лябараторыі, дзе здаюць кроў.

- цётачка-лябарантка, якая, выклікаючы да свайго стала, з прыдыханьнем прамовіла: “Ну, что же вы так медленно. Я же жажду!” А я з мурашкамі па скуры згадала назву нейкага рамана пра вампіраў “Они жаждут”:)

- прозьвішча доктара на адной з шыльдачак – Избавитель (з такім прозьвішчам трэба не прафаглядамі займацца, а сур’ёзнымі хваробамі – пацыенты ад аднаго прозьвішча вызадараўліваць пачнуць).

***
Хадзіла ў аптэку. Таксама ўражвае. Джэнтльмэнскі набор “аскарбінка-аксалінка-арбідол-маска” адсутнічае. Антыбіётыкі толькі па рэцэптах. І ўвогуле лекаў на паліцах значана паменела. Папрасіўшы “Навапасіт”, выклікала шчырае зьдзіўленьне чаргі і спачувальны погляд правізаркі “во да чаго цётку паніка давяла”.

***
А яшчэ актыўна паўдзельнічала ў фармаваньні чутак. То бок пазваніла па сельскагаспадарчых справах – сажанцы ад нашага лецішча вашаму - сяброўцы-пэдыятарцы. Паколькі тая прыймала пацыентаў, размова была кароткаю. Даслоўна:

Я: - Вішні?
Яна: - Не надо. Они мрут. У нас многие пробовали, но мрут.

А цяпер уявіце, што падумала якая-небудзь гістэрычная мамка, якая прыйшла зь дзіцёнкам да доктаркі.

UPD: Як пазьней згадала Олька, яна сказала не "Они мрут", а "Они не выживают". Але агульнай карціны гэта не мяняе: цётачка, якая сядзела ў яе кабінэце, пачуўшы дадзеную тэлефонную размову, пачала асьцярожна выпытываць, што такога ў сьвеце дзеецца:)

І яшчэ ўвесь дзень хочацца спаць.
 
 
Марына
У гаспадарцы маладой, але вельмі папулярнай французкай пісьменьніцы Ганны Гавальда ёсьць два восьлікі.
Увага, пытаньне: як іх мянушкі? Гонг. Час пайшоў.

Тут вы можаце праверыць вашыя правільныя адказы:)  )

*
 
 
Марына
Мелкая сёньня перайменавала пырскалку для носа САЛІН у САПЛІН.
 
 
Марына
Да кніжак у нашым доме стаўленьне жарснае, калі не сказаць - пажадлівае. А да дзіцячых – з пэўнага часу – дык зусім асаблівае. Таму хвастаюся: рыючыся на палічцы зь дзіцячай літаратурай у любімай кнігарні “Кніга чэй?”, знайшла абсалютна рарытэтнае (на мой, нэафіта ад дзіцячай літаратуры, погляд) выданьне:

Мінц Н.Д. Цудадзейная палітра: сшытак для практыкаванняў па выяўленчым мастацтве. Год выпуску – 2000.

Пара лічбаў, якія моцна ўразілі:

Тыраж – 140 516 экз.

Кошт – 150 (сто пяцьдзясят) бел. рублёў.

Каму цікава, гляньце ўзоры творчых заданьняў. Пад катам фота дрэннай якасьці, але зацаніць можна:)  )

Знаходжуся ў ціхім захапленьні, якому не перашкаджае нават выкарыстаньне рускага альфабэту ў адным з заданьняў.



*
 
 
Марына
Учора апала ўся лістота з дрэваў. Тая, што жоўтая і чырвоная. Зялёная і карычневая яшчэ трымаецца. А гэтая проста - р-р-раз, і дрэвы празрыстыя, сьвятло прапускаюць да самай зямлі, а на зямлі кілімы і дываны. Гэта ўчора. Сёньня золата ў дажджавых кроплях і слоце. Ідуць па гэтым брудным золаце дзяўчына і эрдэль. Яна нясьпешна і ўпэўнена, а ён, стрыжаны і прычасаны, побач, нага лапа ў нагу, аддана зазіраючы ў твар. Карцінка ідылічная да замілаваньня. Затрымаўся, носам лістоту падчапіў – ціхае і ўпэўненае “Побач!” прыціскае да нагі гаспадыні і прыўзьнімае чорны нос уверх, туды, дзе яе твар. А на носе лісьцік прыляпіўся. Такі ж руды, як поўсьць. І здаецца, эрдэль падвойваецца – той, другі, зрываецца зь месца і нясёцца ўперад, пасьля, разьвярнуўшыся па-дыснэеўску, заднія лапы хутчэй за пярэднія, ляціць назад, лобам падбівае брудна-залаты сумет, шчоўкае пашчай, ловячы лісьце ў палёце, круціцца за сваім хвастом, прыняўшы яго за лісьцік…


Мараль? А вось ня ведаю я, які з эрдэляў мне падабаецца больш:)

*
 
 
Current Mood: Патасна-восеньскі
 
 
Марына
Выдавецтва роднага ўнівэрсытэту весяліць амаль пры кожным сутыкненьні зь ім. Тое, што яны калісьці абазвалі мой дапаможнік пра міталёгіі “Мифологией древнего мира” ага, одна на всех, мы за ценой не постоим - гэта я больш-менш перажыла. Толькі кожны год студэнтам прыходзіцца тлумачыць, што я - ня дура, а дура – ня я.

Але ўчора на роднай катэдры мне паказалі выключны твор мастацтва. Значыцца, так: калегі напісалі падручнік па іўрыце - зборнік практыкаваньняў для пачаткоўцаў. Падручнік быў выдадзены. А на ягонай вокладцы на далікатна сінім фоне праступае выкшталцоная... (барабанны дробат)... арабская вязь.

*
 
 
Current Music: …И обнимет араб еврея, И араба еврей обогреет…
 
 
Марына
11 October 2009 @ 02:58 pm
Калісьці Аленка падзялілася сваім веданьнем літар: “А слова “голуб” на якую літайу пацінаецца? – На літайу “гусь”!” Тады яна яшчэ мала ведала літарак. А цяпер знае амаль усе і актыўна карыстаецца сваімі ведамі.

***
Пытаецца: - А на якую літайу пачынаецца коцік?
Раблю любімы выгляд “мамо-тормаз”. Падказвае:
- Яшчэ на яе пачынаюцца мішка і мама.
Шчыра афігеваю. Сьмяецца:
- Коцік пачынаецца на літайу “мяў”.

***
Падчас прагулкі:
- Жолуд пачынаецца на літайу “д”, таму што з жолуда выйастае дуб.

*
 
 
Марына
09 October 2009 @ 10:45 am
Гэты фільм у маёй падсьвядомасьці маё дакладнае колеравае ўвасабленне. Ён чырвоны і цёпла-карычневы. У ім няма сумятні колераў. І толькі вось гэтая сцэна, не зважайце, што зьнятая на каляровую стужку, - яна чорна-белая. Яна - непрыкрытая квінтэсэнцыя, бліскучы серабрысты ключык для тых, хто раптам не адразу зразумее, а пра што гэта Кесьлёўскі так закруціў сюжэт і ці ёсьць ён увогуле, гэты сюжэт.
А Зьбігнеў Прэйснэр проста геній.



Толькі зараз зразумела, як я сумую па гэтым фільме. Паехала шукаць дыск.

upd. Дыску не знайшла, таму ад бяды прамантачыла шалёную колькасьць трафіку, выцягнуўшы з інтэрнэту некалькі дыскаў з музыкай Прэйснэра. І да "ВЕранікі" таксама. Слухаю бясконца.


*
 
 
Марына
Адной з улюбёных калыханак у Аленкі на дадзены момант зьяўляюцца “Рушнікі”. Учора гэтая песенка была асабліва актуальнай, бо мы прыехалі з гасьцей ад сябра Янкі. Слухаючы песьню, Алюня пэрманэнтна перабівала мяне рознымі пытаньнямі. (У нас пачаўся пэрыяд “чаму” і, канешне, мяне зусім не зьдзівіла назва нашай новай садочкавай групы - “Чамучкі”.) Апагей пытаньняў і адказаў прышоўся, як і належыць апагею, на фінал песьні.

- А чаму йушнікі плылі?
- Бо яна выпусьціла іх з рук.
- А чаму выпусьціла?
- Бо яны пачалі цалавацца.
- Не! Прафэсар, вы ня правы. Ня так ўсё было! Яна іх палажыла на зямлю… а пасьля пацалавалась… а пасьля з’ябіла кайаблік і яны паплылі.
Ну, вы разумееце мой стан: - Хто паплыў?!
- Мамо, вы – тормаз! Йушнікі!!

*
 
 
Марына
05 October 2009 @ 11:39 pm
Дарагая [info]krumkac, пост у першую чаргу для Вас:) А таксама для ўсіх аматараў польскай poezji śpiewanej.

Я калісьці тут вывешвала пару запісаў з канцэртаў любімага гурту Stare Dobre Małżeństwo. Днямі ўдалося скачаць і праслухаць альбом вось па гэтай спасылцы. І такая настальгія ахапіла. Падалося (нават былі ўпэўненыя), што на першым дыску запісаны менавіта той канцэрт у Сentrum kultury "Lowicka", зь якога ў сьнежні 1999 году (дзесяць год назад - амаль у іншым жыцьці) пачалося знаёмства нашага сямейства з гэтым. Той жа падбор і парадак выкананьня песьняў, тыя ж жарты ў словах і ў музыцы, тыя ж аплядысмэнты і сьмех у залі. Пасьля ўсё-ткі высьветлілася, што гэты дыск быў запісаны на паўгады раней. Але як яны тады гралі, а як гралі “на біс!” Тройчы, як і належыць пяшчотна любімай публікай групе. І на чацьвёрты “біс” ня выйшлі. Ужо ня помню чаму: ці то ў сьпевака балела горла, ці то ў скрыпача рука. Тады публіка сама пачала сьпяваць песьню, якую патрабавала. Здаецца, гэта была – “ Zawirował świat”. І дружна прасьпявала ад пачатку да канца. Неверагоднае ўражаньне.

Яшчэ шаноўны [info]m_holodkowski падказаў, што шмат розных альбомаў можна скачаць тут. Але там трэба регістравацца і рукі ў мяне да гэтага яшчэ не дайшлі.

Я разумею, адна справа – пазнаёміцца з нейкім гуртом падчас іх канцэрту, калі вакол энтузыястычна шалеюць аматары, другая – у цішыні кватэры, спакойна ўслухваючыся ў словы і музыку. Але паспрабуйце - можа, не пашкадуеце:)

А гэта для прыцягненьня ўвагі:)



*
 
 
Марына
03 October 2009 @ 07:56 pm
Музычнае

Напявае сабе пад нос нейкую просьценькую мэлёдыю: “Ням-ням-ням, ням-ням-ням”.
- Што гэта такое? Што ты сьпяваеш? – пытаюся ў яе.
- Гэта песенка пра ежу.

Касмаганічнае

Чарговы раз праглядзела мальтфільм “У порце”. Настальгуе:
- А мы ніколі не былі ў пойце.
- Як жа не былі, а Вэнцпілс?
- У Вэнцпійсе былі, а тут не былі.
- Але ў Менску няма порта.
- А чаму няма пойта?
- Бо няма мора.
Падумала і выдала: - Тады няхай яны там нальюць вадзічкі, йазгайдаюць вось так лыжкай і палучыцца мойа.
- Хто яны?
- Нейкія дзядзі.

Антрапаганічнае

Азадачана ашчупвае свае рэбры:
- Мама, што гэта за камушкі ў мяне ў жываце?
- Гэта ня камушкі, - кажу, - а рэбрышкі.
І далей доўга тлумачу пра косткі і іх прызначэньне. Перабівае:
- А чаго ты мне іх у роцік закінула?
Праз паўгадзіны расказвае бабулі:
- Бабушка, а знаеш, у мяне ў жываце валяюцца косьці, каб я ня падала.

*
 
 
Марына
01 October 2009 @ 07:54 pm
Верасень быў зусім ня восеньскі, праўда? Сёньня восень нагадала пра сябе. Шаноўная [info]quod_sciam у сваім зялёным і сонечным Саратаве вырашыла паглядзець на календар і убачыла, што восень такі настане. Сама б я, можа, толькі праз тыдзень згадала, што трэба перавярнуць старонку календара. Але, дзякуючы ёй, сёньня і ў мяне кастрычнік ня толькі на двары, але і на календары. Вось такі:

89.28 КБ
Rober Doisneau. M. Barré’s Merry-Go-Round

Кастрычнік – гэта карусэль. Бо кружыцца лісьце, павуціньне, аблокі. І толькі шэрыя хмары і дождж наўскось прымушаюць гэтую карусэль спыняцца. А яшчэ ў кастрычніку часам бываюць нечаканыя карнавалы

*
 
 
Марына
На аўтобусным прыпынку Аленка заняла месца на лавачцы, я пайшла глядзець расклад. З інстытуту высыпаў натоўп будучых кіроўцаў кіраўнікоў і прадпрыймальнікаў і шумна далучыўся да чаканьня аўтобусу. Вяртаюся да Аленкі, а яна мне расказвае, вельмі так пераймаючыся:

- Мама, тут дзядзя якую-та маць зваў, а яна не адказала!

*
 
 
Марына
24 September 2009 @ 09:05 pm
***  
Для тых каму цікава, тут ёсьць адказ на ранішнюю ўгадайку да Алены Андрэеўны .

А яшчэ прэзэнтую вам сёньняшні цэнтон ад Аленкі. Слухае нашую з Андрэям размову. Ён кажа: "Жыцьцё, канешне, ёсьць цуд..." А яна працягвае: "Цуда-юда рыба-кіт, на насу гаячій блін". Татка весяліўся вельмі доўга.

*
 
 
Марына
24 September 2009 @ 11:18 am
Калі два тыдні немагчыма дыхаць празь невыносны насмарк (новая інфэкцыя, прынесеная дзецькай з новага садочка), займацца таксама нічым немагчыма. Бо галава не працуе.

Адзінае, што я зрабіла карыснага за гэты тэрмін, гэта перакраіла пару кавалачкаў дысэртацыі для артыкула ў
другі нумар цудоўнага “Прайдзісьвету”.
Вельмі раю зазірнуць. Не з-за майго артыкула:) Проста нумар шыкоўны.

А так я апошнім часам забаўлялася адно рознымі ўгадайкамі. Вось накшталт гэтай:

ПрайдзіСвет - прайдзі тэст!
ПрайдзіСвет
Кінаквіз “Экранізацыя як пераклад”
мой вынік – 32 з 35
Вашая візуальная памяць – проста цуд! Тут два варыянты: або вы кінаман, або складальнік кінаквізу!
Прайдзі Тэст!

Шчыра кажучы, з усіх фільмаў, што фігуруюць у тэсьце, глядзела добра калі пятую частку. Трэба тэрмінова запаўняць прабелы ў адукацыі.

А цяпер прапаную вашай увазе ўгадайку ад Алены Андрэеўны. Яна мне ўчора малюнак прынесла і кажа: “Гэта табе падаюнак”. Я без яе падказкі так і не зразумела, што мне прэзэнтаванае:)

Калі хочаце, паспрабуйце пагадаць,  )

а я пакуль пайшла адпрацоўваць прапушчаныя лекцыі. Правільны адказ вывешу па вяртаньні.

UPD : А Алена Андрэеўна сказала мне: "Мамацька, я п'інесла табе падаюнак - ШАШЛЫКІ".
І я скрыжую шампуры з любым, хто скажа, што гэта не шашлыкі:)))
 
 
 
 

Advertisement

Customize